fbpx

«Дбаю» — гэта не толькі рэстаран

У нас часта пытаюць, як будзе выглядаць рэстаран, якая кухня плануецца ў «Дбаю» і колькі будзе каштаваць абедзенны сэт у сацыяльным рэстаране.

За гэтымі пытаннямі становяцца менш прыкметнымі іншыя важныя складнікі.

Расказваем, навошта такі праект Мінску і чаму заснавальнікі падтрымліваюць «Дбаю».

Ідэя праекта

Асноўная ідэя «Дбаю» — даць актыўным гараджанам Мінска магчымасць уплываць на тое, як выглядае горад, якія інфраструктурныя рашэнні з’яўляюцца ў спальных раёнах, якімі камфортнымі і ўтульнымі становяцца цэнтральныя вуліцы, якія незвычайныя арт-аб’екты пачынаюць прыцягваць увагу да сацыяльных ды экалагічных праблем, якія ідэйныя людзі жывуць у нашай краіне і атрымліваюць магчымасць творчай рэалізацыі ў гарадской прасторы, якія месцы становяцца новай візітоўкай горада і must seen турыстамі сталіцы.

Ідэя ў тым, каб не чакаць, калі гэта само сабой атрымаецца, ці калі хтосьці вырашыць, што гэтым варта займацца, а быць адказнымі гараджанамі, прымаць актыўны ўдзел у выбары такіх праектаў для рэалізацыі, ствараць інструмент фінансавання такіх ініцыятыў, каб класныя гарадскія ідэі рэалізоўваліся, а не заставаліся на паперы.

Складнікі праекта

350 актыўных гараджан

Так, самае важнае ў праекце — людзі, супольнасць аднадумцаў. Нас аб’ядноўваюць каштоўнасці «Дбаю».

Так, мы вельмі розныя, прадстаўляем розныя сферы, у нас розны лад жыцця, і неаднолькавая колькасць падпісчыкаў у сацыяльных сетках, але мы глядзім у адным кірунку. Мы хочам зрабіць Мінск інклюзіўным, экалагічным, камфортным для жыцця, горадам, у якім актыўныя гараджане ўмеюць дамаўляцца і ствараць сацыяльны бізнес.

Так, мы выдаткоўваем на стварэнне такога бізнесу суму, эквівалентную 1000 даляраў, усе ў аднолькавым памеры. Мы аднолькавыя ўдзельнікі праекта, маем роўныя правы і адзін голас пры прыняцці рашэнняў на агульных сходах заснавальнікаў «Дбаю».

Так, гэта беззвовратная інвестыцыя ў горад. Назад заснавльнікі грошы не забіраюць, наўзамен мы атрымліваем бізнес, які зарабляе на гарадскія праекты ад 5 000 да 10 000 даляраў кожны месяц, а яшчэ мы атрымліваем Мінск, у якім так падабаецца жыць, працаваць, адкрываць бізнес, заводзіць сяброў і гадаваць дзяцей, горад, з’язджаць з якога не хочацца.

Прастора

Фізічнае месца, пляцоўка для івэнтаў, якая будзе бясплатнай для прэзентацыі некамерцыйных ініцыятыў і праектаў. Такім чынам «Дбаю» дапаможа гарадской ініцыятыве быць заўважнай, пачутай, падтрыманай.

Мы плануем даваць памяшканне пад мерапрыемства гасцей і праводзіць уласныя, што, спадзяемся, разнастаіць культурнае жыццё Мінска. А таксама дапаможа зарабляць на гарадскія праекты яшчэ больш.

Бізнес атрымае магчымасць пашырыць свой партфель сацыяльнай адказнасці, праводзячы камерцыйныя мерапрыемствы на пляцоўцы «Дбаю». Частка прыбытку за гэтыя паслугі таксама будзе пералічвацца на гарадскія праекты.

Сацыяльны бізнес

Важная частка праекта, якая зробіць магчымым падтрымку і рэалізацыю гарадскіх праектаў. 70% ад чыстага прыбытку «Дбаю» будуць перадавацца на гарадскія праекты ды ініцыятывы. Астатнія 30% — прафесійным рэстаратарам, якія адказваюць за камерцыйную паспяховасць праекта.

У Беларусі запускаюцца сацыяльныя бізнесы, людзей, хто задумваецца пра тое, каб сваімі паслугамі або прадуктам паляпшаць планету, горад, краіну ці вырашаць асобную сацыяльную праблему, становіцца больш. Гэта вельмі крута. І такіх бізнесаў з часам будзе станавіцца больш, у гэтым кірунку рухаецца ўвесь свет.

Але не ўсе людзі прадпрымальнікі, не ва ўсіх ёсць час займацца падобнымі рэчамі. Бізнес-мадэль «Дбаю» у тым, каб запрасіць на рашэнне бізнес-пытанняў прафесіяналаў у гэтай сферы, а актыўным гараджанам даць магчымасць вырашаць, якую сацыяльную нагрузку нясе праект, і як ён дапамагае Мінску мяняцца ў лепшы бок.

Рэстаран

Чаму менавіта гэты бізнес быў абраны?

Па-першае, рэстаран — выдатная пляцоўка для сустрэч і размоў. За кубкам кавы ці з келіхам віна, у адзіноце або ў вялікай кампаніі ў нас з’яўляюцца новыя ідэі па развіцці горада, якія мы удасканальваем у сваёй галаве альбо абмяркоўваем з блізкімі па духу людзьмі. Рэстаран з камфортнай атмасферай — выдатнае месца прыцягнення аднадумцаў.

Па-другое, наведванне рэстаранаў і кафэ, а таксама дастаўка ежы — тое, чым людзі карыстаюцца ўсё часцей і часцей. Для гараджан, якія не змаглі падтрымаць праект сумай, эквівалентнай 1000 даляраў, з’яўляецца магчымасць прыйсці ў рэстаран і сваім кубкам кавы ці абедзенным сэтам падтрымаць гарадскія праекты. Парог уваходу для людзей, якія хочуць рабіць добрыя справы, нізкі. Дапамагаць становіцца проста і прыемна.

Па-трэцяе, мы натхніліся існуючымі праектамі, а ў Кіеве, Івана-Франкоўску, Маскве і Адэсе гэта рэстараны з дадатковымі опцыямі.

Так, у Мінску рэстараны зачыняюцца даволі часта. Але ёсць і такія, што працуюць, здаецца, цэлы век. Сэнс не ў тым, што сфера рызыкоўная, а ў добрым менеджменце, пляцоўцы па даступнай арэндзе, удалай лакацыі і прадуманым бізнес-плане.

Якая ежа будзе ў рэстаране?

Ежа ў «Дбаю» будзе мультыкультурнай.

Мы разумеем, што людзі ў Мінску любяць:

  • здаровую ежу і вегетарыянскія опцыі;
  • сезонныя прадукты;
  • азіяцкую кухню;
  • амерыканскі стыль і бургеры;
  • італьянскую і французскую кухню;
  • наведваць рэстараны і кафэ з маленькімі дзецьмі, якім патрэбныя асобныя пазіцыі ў меню.

У «Дбаю» дакладна будзе смачна, зразумела, даступна і з элементамі аўтарскай кухні Антона Неміровіча.

Канцэпцыя рэстарана

Мы праводзім адкрыты тэндэр на дызайн-праект рэстарана і пляцоўкі для івэнтаў. Запрашаем ідэйных дызайнераў да ўдзелу. Мы хочам працаваць над канцэптам і дызайнам з прафесійнымі людзьмі ў гэтай галіне.

У «Дбаю» дакладна павінна быць зручна праводзіць бізнес-сустрэчы і працаваць за камп’ютарам, прыходзіць з дзецьмі і жывёламі, браць ежу з сабой у сваю тару, паркаваць ровары, карыстацца гендэрна нейтральнымі туалетамі, прадугледжанымі для маламабільных гараджан, пры гэтым розныя інтэр’ерныя рашэнні і азеляненне павінны зрабіць знаходжанне ўсіх гасцей максімальна камфортным.

Гэта складаная задача, але гэтага патрабуе рынак і каштоўнасці праекта, і мы намагаемся, каб гэта стала магчымым у Мінску.

Аб экалагічнасці ў арганізацыі рэстарана мы распавядалі Зялёнаму парталу.

Чаму ў «Дбаю» будуць прыходзіць госці?

Таму што ў грамадстве расце патрэба ўсё рабіць свядома, з сэнсам. А кожнае наведванне «Дбаю» і кожная замова — падтрымка гарадскіх праектаў і ініцыятыў.

Таму што «Дбаю» будзе зроблены для людзей. Унутры вы адчуеце, што ўсё арганізавана свядома і з улікам вашых патрэб.

Таму што ў «Дбаю» дакладна будзе смачна, зразумела, даступна і з элементамі аўтарскай кухні.

Таму што ў «Дбаю» 350 амбасадораў-заснавальнікаў, а гэта праактыўная супольнасць Мінска, і ў гэтых людзях сіла праекта.

Фотаздымкі — Сяргей Піліповіч.