У канцы 2019-га каманда мінскіх актывістаў абвясціла збор грошай на праект «Дбаю». Гэта рэстаран і пляцоўка для мерапрыемстваў, 70% чыстага прыбытку будуць накіроўвацца на падтрымку некамерцыйных гарадскіх праектаў і ініцыятыў, якія спрыяюць развіццю Мінска.
Марта Гладкая, каардынатарка праекта Urban Space распавядае, як такія праекты выбухнулі ў Івана-Франкоўску і Кіеве.
Збор грошай на праект
За збор сродкаў на праект Urban Space 100 у Івана-Франкоўску адказвала платформа «Тепле Місто», менавіта яна валодае таварным знакам Urban Space і з’яўляецца аўтарам ідэі. Да гэтага праекта «Тепле Місто» на працягу года працавала над рознымі гарадскімі ініцыятывамі. Сярод праектаў платформы: стварэнне візуальнага стылю Івана-Франкоўска, мастацкіх рэзідэнцый, распрацоўка веласіпедных маршрутаў. Мясцовы бізнес удзельнічаў у фінансаванні «Тепле Місто» і пачаў падтрымліваць развіццё горада. Папулярнасць платформы і яе ўдзельнікаў дапамагла знайсці сузаснавальнікаў рэстарана — мясцовыя жыхары ўжо давяралі камандзе. Запускаўся Urban Space 100 у канцы 2014-га. Рэстаран пачаў працу ў 2015-ым.
Як і ў Мінску, збор сродкаў ажыццяўляўся ад актыўных гараджан без прыцягнення бізнесу. Унёскі для ўсіх заснавальнікаў аднолькавыя — у эквіваленце 1000 даляраў. Мэтавая колькасць заснавальнікаў для кожнага горада розная: для Івана-Франкоўска — 100, для Кіева — 500, для Мінска — 350 чалавек.
Для Urban Space 500, што адчыніўся па сацыяльнай франшызе, важную ролю адыграла пазнавальнасць брэнда Urban Space і яго поспех у Івана-Франкоўску. Гараджане чакалі падобнага праекта ў Кіеве і хутка ўступілі ў каманду заснавальнікаў. Запускаўся праект у 2017-ым, адкрыўся рэстаран у канцы 2018-га.
Грамадская арганізацыя «Інша Освіта», якая займалася рэалізацыяй праекта ў Кіеве, правяла вялікую інфармацыйную кампанію, прэзентавала праект на ўсіх тэматычных канферэнцыях у Кіеве. Быў час, калі колькасць заснавальнікаў перастала расці, гэта быў складаны этап для каманды. Перажыўшы яго і сабраўшы крыху больш за палову заснавальнікаў з 500 чалавек, да праекта сталі далучацца людзі, якія проста назіралі і ўсё яшчэ не верылі, што такі праект будзе паспяховым. У выніку шмат хто з тых, хто сумняваўся ў поспеху праекта, не паспелі прыняць удзел у фінансаванні Urban Space 500.
У Мінску за агульны менеджмент праекта, збор заснавальнікаў і камунікацыю паміж усімі ўдзельнікамі адказвае Установа «Дбаю».
Важна, што лік 100 і 500 заснавальнікаў быў першапачаткова публічным, ён не змяніўся. Падчас збору грошай на праект у сацыяльных сетках рэгулярна размяшчалася інфармацыя аб новых удзельніцах і ўдзельніках праекта, працаваў сацыяльны капітал.
Бізнес-мадэль
Urban Space 100 у Івана-Франкоўску (80 пасадачных месцаў) і Urban Space 500 у Кіеве (350 пасадачных месцаў) — гэта перш за ўсё рэстараны, якія зарабляюць грошы. Гэта бізнес. Ці будуць сюды прыходзіць і вяртацца госці, ці стануць гэтыя месцы сталымі ўдзельнікамі рынку ці хайповымі ўсяго на месяц, шмат у чым залежыць ад кіраўніцтва.
Менавіта таму ў бізнес-партнёры сацыяльнага гарадскога праекта запрашаліся прафесійныя рэстаранныя кампаніі, якія маюць вялікі досвед у гэтай галіне. Рэстаранам у Івана-Франкоўску кіруе кампанія «23 ресторани», у Кіеве — Druzi Cafe & Bar.
Зацікаўленасць рэстаранных кампаній — акрамя падзелу каштоўнасцяў праекта — у 20% чыстага прыбытку праекта. Гэтая сума з’яўляецца іх узнагародай за эфектыўнае кіраванне бізнесам. Астатнія 80% ідуць на падтрымку гарадскіх праектаў ды ініцыятыў.
Для кампаніі «23 ресторани» кіраванне праектам — не пра заробак, гэта яе сацыяльная адказнасць, як кампаніі, якая клапоціцца пра горад, у якім яна працуе і існуе.
У Мінску паспяховасць функцыянавання і прыбытковасць гарадскога рэстарана забяспечваюць прафесійныя рэстаратары — Антон Неміровіч, брэнд-шэф і саўладальнік LeGosse Cafe і Аляксандр Гаўрыш, кіраўнічы партнёр LeGosse Cafe. Мадэль трохі адрозніваецца ад украінскай, 70% чыстага прыбытку будуць накіроўвацца на падтрымку гарадскіх праектаў ды ініцыятыў. Астатнія 30% — прафесійным рэстаратарам.
Часта ў працу ўстаноў рэстаранныя кампаніі ўносяць змены з мэтай павелічэння прыбытку.
У Івана-Франкоўску, напрыклад, быў усталяваны графік працы з 06:00 раніцы. У гэты час у горад прыбывае першы цягнік з Кіева, а месцаў, куды маглі б пайсці госці, у Івана-Франкоўску проста не было. Першыя месяцы рэстаран працаваў у мінус, але на працягу 2-3 месяцаў сітуацыя змянілася. Зараз раніца суботы і нядзелі — самыя запоўненыя і прыбытковыя гадзіны. Гэта спрацавала для Івана-Франкоўска, бо горад — своеасаблівы перавалачны пункт для турыстаў, якія накіроўваюцца ў горы. Зразумела, працуе і сацыяльны кампанент.
У адрозненні ад Urban Space 100, які мае адну агульную прастору, у кіеўскім рэстаране некалькі адасобленых памяшканняў. Кіруючая кампанія вырашыла павялічыць прыбытак, стварыўшы платны івэнт-сэрвіс з магчымасцю браніраваць залі і пакідаць папярэдні заказ па меню. Гэта функцыя вельмі папулярная сярод імяніннікаў, у тым ліку сярод заснавальнікаў праекта, якія робяць такім чынам прыемны падарунак не толькі сабе, але і любімаму гораду. З іншага боку наяўнасць некалькіх заляў павялічвае колькасць абслуговага персаналу, што адбіваецца на эканоміцы праекта.
Кожны горад унікальны, весці бізнес аднолькава не атрымаецца, таму мясцовая рэстаранная кампанія павінна адчуваць, што менавіта спрацуе, што зробіць гэтае месца прывабным для гараджан і турыстаў.
Urban Space — гэта перш за ўсё рэстаран, ён падпарадкоўваецца законам рэстараннага бізнесу і не выйдзе на маментальны шматтысячны прыбытак. Пра гэта таксама варта паведамляць заснавальнікам, каб яны не спадзяваліся на хуткі сацыяльны эфект .
У Івана-Франкоўску Urban Space 100 пачаў фінансаваць гарадскія праекты на трэці квартал сваёй дзейнасці. За першы год (у 2015-ым) рэстаран падтрымаў толькі 5 праектаў на суму 67 000 грывен (6 000 беларускіх рублёў), для параўнання за другі год (у 2016 -ым) – 25 праектаў на суму каля 430 000 грывен (38 750 беларускіх рублёў).
Кіеўскі Urban Space 500 пакуль не ажыццяўляе падтрымку праектаў.
Згодна з бізнес-планам «Дбаю» будзе зарабляць на гарадскія праекты ад 10 да 20 тыс. беларускіх рублёў у месяц. Гэта тычыцца рэстарана на 100-120 пасадачных месцаў і пляцоўкі для івэнтаў.
Праект плануе прадастаўляць памяшканне пад мерапрыемствы гасцей і праводзіць уласныя, а таксама каманда праекта працуе над дадатковымі варыянтамі камерцыялізацыі, каб зарабляць на гарадскія праекты яшчэ больш.
Разглядаюцца варыянты крамы экалагічных тавараў, каворкінг і іншыя опцыі. Каманда праекта адкрытая да супрацоўніцтва. Калі ў вас ёсць ідэі і прапановы – пішыце на адрас dbajuby@gmail.com.
Прасоўванне
Платнай рэкламай Urban Space 100 не карыстаўся. Сама канцэпцыя рэстарана зацікавіла ня толькі рэгіянальныя, але і нацыянальныя СМІ. Публікацыі добра спрацавалі на пазнавальнасць праекта.
Прыцягвае ўвагу і незвычайны эрганамічны дызайн прасторы, удалае размяшчэнне.
У Urban Space акцэнт на здаровую і сезонную ежу — гэтага прынцыпу прытрымліваюцца абодва рэстараны.
Ежа ў «Дбаю» будзе мультыкультурнай.
Гараджане любяць:
– здаровую ежу і вегетарыянскія опцыі;
– сезонныя прадукты;
– наведваць рэстараны і кафэ з маленькімі дзецьмі, якім патрэбныя асобныя пазіцыі ў меню.
У «Дбаю» дакладна будзе смачна, зразумела, даступна і з элементамі аўтарскай кухні.
Прытрымліваючыся прынцыпу экалагічнасці «Дбаю» будзе імкнуцца да мінімізацыі адходаў і адмовы ад аднаразовых опцый, у тым ліку і для напояў і ежы на вынас. Іх можна будзе набыць у сваю шматразовую тару.
У дызайне інтэр’еру няма «сацыяльнага» ціску на наведвальнікаў, вы не знойдзеце гучных заклікаў. Толькі факты: у меню ёсць інфармацыя аб колькасці гарадскіх праектаў, якія ўжо падтрымаў Urban Space і на якія сумы.
Місія нанесена на калону рэстарана:
- Стварэнне празрыстага мэтавага фонду для фінансавання гарадскіх праектаў;
- Стварэнне фізічнай пляцоўкі для актывізацыі праактыўнага кластара горада;
- Аб’яднанне 100 чалавек практычнага сацыяльнага капіталу для фарміравання новых гарызантальных сувязяў у грамадстве.
Падтрымка праектаў
Urban Space падтрымлівае толькі сацыяльныя праекты, накіраваныя на развіццё горада, у якім знаходзіцца рэстаран.
Праекты не могуць быць звязаныя з палітыкай, рэлігіяй ці бізнесам (выключэнне — калі заробленыя грошы ідуць у грамадскую арганізацыю, якая рэалізавала гэты праект і рэінвестуе ў яго развіццё або на свае накірункі працы).
Усяго ў Івана-Франкоўску правялі 19 грантавых конкурсаў. Яны праходзяць штоквартальна. Сярэдняя колькасць удзельнікаў — 12-20. З іх фінансуецца 5-8 праектаў. Усё залежыць ад сумы чыстага прыбытку, атрыманага рэстаранам у квартал. Заяўкі прыходзяць не толькі з Івана-Франкоўска (былі з Харкава і Адэсы). Галоўнае, каб праект быў накіраваны на развіццё Івана-Франкоўска.
У сярэднім за квартал рэстаран зарабляе 200-300 тысяч грывен (18 000 – 27 000 беларускіх рублёў), узровень прыбытку залежыць ад сезону.
На люты 2020-га Urban Space 100 падтрымаў 113 праектаў на суму 2 856 823,55 грывен (257 500 беларускіх рублёў).
Сума | 113 | 2 856 823,55 грн. |
2015 | 5 | 67 500,00 грн. |
ІІ квартал | 1 | 24 000,00 грн. |
ІІІ квартал | 4 | 43 500,00 грн. |
2016 | 25 | 429 788,70 грн. |
IV квартал | 5 | 50 900,00 грн. |
І квартал | 7 | 116 402,00 грн. |
ІІ квартал | 4 | 54 460,00 грн. |
ІІІ квартал | 9 | 162 026,00 грн. |
2017 | 28 | 611 663,00 грн. |
IV квартал | 7 | 97 820,00 грн. |
І квартал | 5 | 85 025,00 грн. |
ІІ квартал | 5 | 129 100,00 грн. |
ІІІ квартал | 11 | 299 718,00 грн. |
2018 | 26 | 812 342,85 грн. |
IV квартал | 6 | 229 634,85 грн. |
І квартал | 8 | 226 354,00 грн. |
ІІ квартал | 7 | 229 754,00 грн. |
ІІІ квартал | 5 | 126 600,00 грн. |
2019 | 22 | 650 764,00 грн. |
IV квартал | 7 | 169 870,00 грн. |
І квартал | 7 | 220 667,00 грн. |
ІІ квартал | 6 | 202 497,00 грн. |
ІІІ квартал | 2 | 57 730,00 грн. |
2020 | 7 | 284 765,00 грн. |
IV квартал | 7 | 284 765,00 грн. |
Для таго, каб атрымаць фінансаванне ад Urban Space 100, трэба запоўніць анкету-заяўку, зняць відэазварот да 1 хвіліны і адправіць свой праект аднаму з 100 заснавальнікаў праекта.
Гэтыя заснавальнікі на Агульным сходзе становяцца лабістамі гарадскіх праектаў і тлумачаць, чаму за іх варта галасаваць, адказваючы на пытанні іншых заснавальнікаў па кожным праекце. Пасля прэзентацыі ўсіх праектаў праводзіцца агульнае галасаванне, усе прысутныя падымаюць карткі «за», «супраць» або «ўстрымаўся». Ініцыятывы, якія атрымалі большасць галасоў, фінансуюцца. Калі грошы застаюцца, праходзіць перагаласаванне паміж астатнімі праектамі альбо прымаецца рашэнне аб пераносе сродкаў на наступны квартал.
Таксама на Агульных сходах заснавальнікі слухаюць справаздачы кіруючай кампаніі аб дзейнасці рэстарана за квартал і кіраўніка грамадскай арганізацыі «Урбан Простір 100» аб ужо рэалізаваных праектах, іх поспехах, уплыву на горад.
Усе пераможцы конкурсу складаюць дамову, а пасля рэалізацыі свайго праекта робяць справаздачу.
Уся актуальная інфармацыя аб 113 падтрыманых праектах знаходзіцца на сайце.
Няма нейкіх тэматычных ці прыярытэтных абласцей. Увага звяртаецца на падрыхтоўку праекта, каманду і расстаноўку прыярытэтаў, стаўленне да горада і яго развіццё.
Тэкст — Адарка Шут.
Пераклад на беларускую мову — Святлана Чакушка.