fbpx

Азеляненне Мінска. Вуліца Жукоўскага

Барацьба з аўтамабілістамі за зялёную зону; ратаванне блакітных елак і хмызнякоў, што падлягалі спілу пры будаўніцтве метро; высадка дрэваў з усімі ўзгадненнямі на дваровай тэрыторыі і мабільны дадатак для тых, хто хоча азеляняць Мінск. Аб простым і складаным распавядае Ягор Пятроў, жыхар Кастрычніцкага раёна.

Ягор Пятроў, жыхар Кастрычніцкага раёна, заснавальнік і дырэктар
Сацыяльна экалагічнай установы «Лёгкія горада»
(Instagram, Facebook)

На Жукоўскага, 29 я пераехаў каля дзесяці гадоў таму.

Група нашых дамоў будавалася ў сярэдзіне 90-х. Абслугоўвае яе ЖЭС. Апошнія гадоў пяць нават ўборка пад’езда робіцца толькі пасля некалькіх скаргаў у арганізацыю 115, балазе што жыхары амаль перасталі смяціць, хоць на пачатку горы смецця перад смеццеправодам былі не рэдкасць.

У нашым доме мы рэалізавалі некалькі ініцыятыў:

1. Абмежаванне паркоўкі на зялёнай зоне.

З дапамогай ДАІ змагацца было марна і праз год-два я вырашыў пытанне з дапамогай вялікіх антыпарковачных камянёў, прывезеных з лецішча і суседняй будоўлі.

2. Арганізацыя буккросінгу і абмену добрымі рэчамі, якія сталі непатрэбнымі гаспадарам.

З часам кніг стала менш, але вельмі часта з’яўляюцца музычныя дыскі, часопісы, падсвечнікі, сувеніры ды іншае.

3. Азеляненне двара.

Як і папярэднюю ініцыятыву, азеляненне трэба ўзгадняць непасрэдна з ЖЭСам.

Гэтым пытаннем мы глабальна заняліся, калі скверы і алеі, што знаходзіліся побач, былі знішчаны з-за будоўлі метро. Мы настаялі на перасадцы блакітных елак (якія планавалі спілаваць) у Курасоўшчыну, а кусты мы перанеслі ў свае двары. Людзей арганізавалі праз аб’явы, расклееныя па пад’ездах і на суседняй краме.

З азеляненнем нашага двара асаблівых цяжкасцяў не было. Да нас прыходзіў супрацоўнік ЖЭСа і паказваў месцы, дзе можна нешта саджаць, а дзе нельга. Хоць некаторыя жыхары азелянялі двор на свой густ і на сваю рызыку. Тым не менш, за дзесяць гадоў наша тэрыторыя глабальна змянілася і калі раней ля пад’ездаў былі пратаптаныя па газоне сцежкі, то зараз увесь двор патанае ў зеляніне і кветках.

Некалькі парад ад Ягора ўсім, хто хоча займацца азеляненнем:

1. Не бойцеся! Ўсё можна зрабіць. Калі ёсць жаданне вы знойдзеце магчымасці. Азеляняць гарадскую прастору не так цяжка, як здаецца.

2. Звяртайцеся з просьбамі і запытамі ў арганізацыі! Часцей за ўсё падобныя ініцыятывы ўспрымаюцца пазітыўна.

3. Азнаёмцеся і трымайцеся нарматываў і заканадаўства. На самой справе гэта не так складана.

4. Шукайце аднадумцаў! Яны побач з вамі, проста вы яшчэ не пазнаёміліся. Разам усё робіцца значна лягчэй. 

З запускам прыкладання «Лёгкія горада» гэта стане зрабіць зусім лёгка!

Сацыяльна экалагічнае ўстанова «Лёгкія горада»

Бліжэйшыя планы арганізацыі «Лёгкія горада» (Instagram, Facebook), заснавальнікам і дырэктарам якой з’яўляецца Ягор Пятроў:

1. Запусціць сайт / мабільны дадатак «Лёгкія горада» для ўсіх гараджан, хто хоча азеляняць Мінск, што каманда стварае пры падтрымцы EPAM.

У першым рэлізе мабільнага дадатка будзе рэалізаваны самы важны функцыянал, што ўключае міні-канструктар праектаў па азеляненні:

  • Рэгістрацыя ўдзельнікаў супольнасці;
  • Адзнака на карце месцаў, дзе трэба пасадзіць дрэва;
  • Адпраўка ахвяраванняў на пасадку дрэва ў канкрэтным месцы;
  • Інтэрактыўная карта з магчымасцю адзначаць пасаджанае дрэва;
  • Кароткі даведнік з дакументамі, якія рэгламентуюць азеляненне гарадоў;
  • Форма аўтаматызаванай рассылкі запытаў на ўзгадненне азелянення.

У далейшым каманда плануе ўдасканаліць дадатак з выкарыстаннем гейміфікацыі, дапоўненай рэальнасці і г.д.

2. Дамагчыся азелянення плошчаў, якія былі высечаныя пры будаўніцтве метро на вул. Жукоўскага / вул. Варанянскага, а гэта два скверы і ліпавая алея;

3. Правесці азеляненне СШ №30 па вул. Жукоўскага. Рэалізацыя плануецца ў верасні-кастрычніку 2020-га.

Хочаце падзяліцца гісторыяй свайго двара? Пішыце нам на паштовую скрыню dbajuby@gmail.com або пакідайце прапановы ў каментарах.

Тэкст — Адарка Шут.

Фота — з архіваў Ягора Пятрова.

Leave a Reply