fbpx

Мясцовы урбанізм. Зав. Дачны-8 / вул. Роменская-9, Мінск

Пошук кансультантаў і партнёраў па азеляненні дваравых тэрыторый, распрацоўка ландшафтнага дызайну, камунікацыя з адміністрацыямі раёнаў Мінску і ўзгадненні ў ЖЭУ, фарміраванне лакальных чатаў і рашэнне праблем асобнага двара. Расказваем пра пілотны праект «Дбаю» у азеляненні горада.

Вясной 2020-га мы пісалі, што «Дбаю» вырашыў падтрымаць пілотныя гарадскія праекты, каб паказаць на практыцы, як Мінск можа мяняцца ў лепшы бок, аб’ядноўваючы людзей з агульнымі каштоўнасцямі вакол пэўных гарадскіх сацыяльных праблем.

Першым рэалізаваным праектам стала азеляненне дваравой тэрыторыі па адрасе зав. Дачны-8 / вул. Роменская-9 у кастрычніку 2020-га.

Праблемы двара

Вольга Літвіновіч, жыхарка двара, маці чатырох дзяцей:

— Чым часцей гуляеш з дзецьмі на агульнай дваравой тэрыторыі, тым мацней адчуваеш яе недахопы. З бацькамі мы часта абмяркоўвалі адсутнасць цені на дзіцячай пляцоўцы ў летні час; небяспеку ад паркоўкі, што акружае тэрыторыю для гульняў з усіх бакоў; непрадуманасць ў занаванні, калі падлеткі з мячыкам і на роварах / самакатах з’яўляюцца непрыдуманай небяспекай для малых у пясочніцы.

Стан двара вясной 2020-га

Усе гэтыя праблемы, як высветлілася, можна вырашыць з дапамогай азелянення і ландшафтнага дызайну. Мы радыя, што сталі эксперыментальным дваром у праекце «Дбаю», і што ў Мінску існуе так шмат ініцыятыў і валанцёраў, гатовых займацца рашэннем падобных пытанняў.

Не ўсё з прапанаванага архітэктарамі-ўрбаністамі атрымалася рэалізаваць гэтай восенню, спадзяюся, што вясной мы ацэнім вынікі агульных намаганняў і зможам дадаць яшчэ зеляніны і архітэктурных формаў у нашым двары.

Рашэнне

Адарка Шут, PR-менеджэрка «Дбаю»

Пошук партнёраў

У сакавіку 2020-га мы пачалі працу з гарадскімі ініцыятывамі «Лёгкія горада» і «Гарадская ферма Марыс Мар», аб’ядноўваючы экспертызу і прадумваючы праект, які зможа стаць пілотным. Вырашылі, што канкрэтны двор з зацікаўленымі жыхарамі і сфармаваным запытам на рашэнне лакальных праблемаў — наш ідэальны варыянт.

У чэрвені звярнуліся да Good city за архітэктурнай падтрымкай у распрацоўцы ландшафтнага азелянення, і да каманды «Зялёнага партала» за кансультацыямі па пытаннях юрыдычнага суправаджэння і ўзгаднення праекта.

Выбар дваравой тэрыторыі

«Дбаю» даслаў запыт у адміністрацыі ўсіх раёнаў горада Мінска з просьбай пазначыць, якія тэрыторыі патрабуюць азелянення. Нам здавалася, што так прасцей будзе прайсці ўзгадненне, атрымаць неабходную інфармацыю аб наяўнасці інжынерных камунікацый. І на некалькіх сустрэчах стала зразумела, што план нядрэнны, адміністрацыі гатовыя выдзяляць шмат цікавых тэрыторый у тым ліку і на цэнтральных вуліцах, але мы не ведалі, як знайсці жыхароў, якія будуць дзяліцца сваімі ідэямі / запытам на азеляненне, прымаць удзел у пасадцы раслін, а пасля даглядаць добраўпарадкаваную тэрыторыю.

Сталі разглядаць двары, дзе жывуць нашыя актывісты і валанцёры, каб прасцей было выбудоўваць камунікацыю з мясцовымі жыхарамі, і спыніліся на тэрыторыі па адрасе зав. Дачны-8 / вул. Роменская-9.

Дваравыя чаты

У доме па вул. Роменская-9 свой чат быў (каля 60-ці ўдзельнікаў).

У доме на зав. Дачны-8 — не. Размешчаныя на інфармацыйных дошках QR-коды і раскіданыя па паштовых скрынях запрашэнні ўступіць у агульны чат далі свае вынікі — дадаліся першыя 15 удзельнікаў, пасля спрацавала сарафаннае радыё. Цяпер агульныя пытанні дома і двара абмяркоўваюць ужо 65 жыхароў 100-кватэрнага дома.

У перыяд пандэміі запыты ад жыхароў збіралі праз онлайн апытанкі і галасаванні.

Узгадненне і фінансаванне

Па электронным запыце ў адміністрацыю Ленінскага раёна мы атрымалі план з інжынернымі камунікацыямі ў двары. Правільна прачытаць яго нам дапамог Аляксандр Пунінскі з «Зялёнага парталу», ён жа на мясцовасці паказаў, якія тэрыторыі можна выкарыстоўваць пад азеляненне, а якія не.

Пасля ішла распрацоўка ландшафтнага дызайну архітэктарамі Good city. Гатовае рашэнне ў жніўні 2020-га было выстаўлена на абмеркаванне і галасаванне жыхарам двара і некалькі разоў дапрацоўвалася.

Пры выбары раслін пад кожны ўчастак нас кансультавалі сябры з праекта «Лёгкія горада» і «Гарадская ферма Марыс Мар».

2-га кастрычніка 2020-га план прайшоў узгадненне ў намесніка дырэктара па добраўпарадкаванні КУП ЖЭУ №4 Ленінскага раёна, да якога і адносіцца гэтая тэрыторыя.

Найбольш папулярная опцыя (жывая агароджа з кустоў уздоўж паркоўкі) узгаднялася з упаўнаважанымі ЖБВК і змагла атрымаць фінансаванне за кошт сродкаў кааператыва. Старшыня дапамог дамовіцца з зямлёй для пасадак, ЖЭУ прывёз нам яе бясплатна.

Астатнія опцыі, якія жыхарам здаваліся вельмі важнымі, яны аплацілі самастойна. Расліны куплялі ў кантэйнерах для лепшай прыжывальнасці ва УП «Броўкі Зелянбуда», кошты тут ніжэй, чым у любой гарадской краме для садаводаў, але знаходзіцца гадавальнік за 30 км ад Мінска. Кару для мульчавання пасадак і жвір для падсыпкі пратаптаных сцежак знайшлі па аптовых цэнах праз Інтэрнэт.

Рэалізацыя

Праз дваравыя чаты дамовіліся пра дату і час пасадкі, патрэбны інвентар. 15-га кастрычніка жыхары прыгатавалі гарачую гарбату і пірагі, высадзілі падрыхтаваныя дрэвы і кусты, а пасля абмеркавалі перыядычнасць палівання і догляд раслін.

У любой справе ёсць свае тэхнічныя пытанні: падрыхтоўка ям пад дрэвы і кусты і іх глыбіня (ямы для дрэў, напрыклад, рыхтуюцца за суткі, з праверкай дрэнажу), мульчаванне і ўцяпленне пасадак на зіму, экалагічнасць у гэтых падыходах, пазнака пасадак на мясцовасці, каб іх заўважылі і не зруйнавалі, перыядычнасць і працягласць палівання восенню, вясной і летам. З гэтымі пытаннямі жыхарам двара дапамаглі разабрацца кансультанты пілотнага праекта.

План ландшафтнага дызайну ад Good city

«Добры горад» / Good city — урбаністычная ініцыятыва, якая займаецца вывучэннем і развіццём гарадскіх грамадскіх прастораў. Каманда прасоўвае ідэю фарміравання якаснага гарадскога асяродка і лакальных супольнасцяў, якім неабыякавы іх горад; выбудоўвае дыялог між рознымі стэйкхолдэрамі ў гарадской прасторы. Тут працуюць практыкуючыя архітэктары і ўрбаністы, сацыёлагі і гарадскія актывісты.

Ганна Арлюк, архітэктар-урбаніст Good city і Аляксандра Рамейка, архітэктар, спецыяліст гарадскога і рэгіянальнага планавання Good city:

— Паколькі ідэя «Дбаю» нам вельмі імпануе, мы з задавальненнем пагадзіліся прыняць удзел у ягоным пілотным праекце. Двары — важны элемент грамадскага сацыяльнага жыцця горада, аднак цяпер іх патэнцыял раскрыты мала. І мы радыя, што ў нас з’явілася магчымасць папрацаваць над развіццём такой прасторы, узбагаціць раслінны свет і разнастаіць функцыянальнае напаўненне.

Нам трэба было вырашыць праблемы двара, пазначаныя жыхарамі, з максімальным выкарыстаннем таго, што ўжо ёсць з раслін на тэрыторыі.

Існуючыя пасадкі былі даволі стыхійнымі, многія знаходзіліся на лініях камунікацый.

Ландшафтны план з каментарамі і прапановамі архітэктараў-урбаністаў

Мы прапанавалі фарміраваць групы — так у месцы, дзе нельга саджаць дрэвы, з’явіўся бэзавы куток з трох розных кустоў.

Цэнтральную групу сфармавала туя, якую можна выкарыстоўваць для сумеснага святкавання Новага года, кусты фарзыцыі, якія ўпрыгожаць сваім колерам тэрыторыю вясной і хосты, якія ўжо не першы год тут радуюць жыхароў.

Непасрэдна на самой дзіцячай пляцоўцы саджаць дрэвы нельга, каб дадаць ценю, на ўсіх дазволеных участках з’явіліся дрэвы з разгалістай кронай, побач з імі мы прапанавалі размяшчаць лавы для адпачынку дзяцей і бацькоў.

Каб вылучыць тэрыторыю двара для малых, былі прапанаваныя расліны ў кадушках, іх можна рухаць у выпадку рамонтных прац на інжынерных лініях.

Па перыметры ўсёй дзіцячай пляцоўкі з’явілася шчыльная сцяна з кустоў пузыраплодніку, якая закрые паркоўку і з часам абазначыць тэрыторыю для актыўных гульняў.

Для падлеткаў з мячом мы распрацавалі асобную зялёную зону з футбольнай брамай і насаджэннямі вакол, каб мяч не трапляў у аўтамабілі.

На сцяну сэрвіснага будынка прапанавалі нанесці графіці, а пляцоўку для збору адыходаў аддзяліць ад зоны для гульні плотам з дзявочым вінаградам. Па праекце на тэрыторыі двара павінны з’явіцца і малыя архітэктурныя формы ў выглядзе лаў з зелянінай.

Нас шчыра парадавала зацікаўленасць мясцовых жыхароў як на стадыі збору пажаданняў і распрацоўкі плана добраўпарадкавання, так і падчас фінальнай рэалізацыі — пасадцы раслін.

Будзем спадзявацца, што наш праект дапаможа ўмацаваць дваравую супольнасць і жыхары змогуць атрымліваць асалоду ад абноўленай прыроднай разнастайнасці.

Каманда Good city і далей гатова дапамагаць гараджанам у іх імкненні паляпшаць свае двары. Звязацца з намі можна напісаўшы на электронную пошту goodcityby@gmail.com .

План інжынерных камунікацый, правілы пасадкі і ўзгадненні

Аляксандр Пунiнскi, аўтар матэрыялаў пра азеляненне Мiнска для «Зялёнага партала»:

— Мая галоўная матывацыя ўдзелу ў такіх праектах — імкненне запаволiць змены клiмату праз захаванне iснуючых раслін i пасадку новых. Другасная матывацыя — пошук матэрыялаў для публiкацыi на «Зялёным партале». I наогул прыемна адчуваць, што ствараеш нешта прыгожае i доўгатэрмiновае. 

Узгадняць праекты прыдамавога азелянення заўсёды цяжка, бо шмат зацiкаўленых асоб, частка з якiх ставiцца да тэмы вельмi эмацыйна. Хоць даволі хуткае ўзгадненне гатовага праекта ў ЖЭУ шчыра здзівіла.

Асноўныя рэкамендацыі, якіх варта прытрымлівацца, калі вы вырашылі азеляніць свой двор, пералічаныя ў маёй публікацыi

Каму патрэбна кансультацыя альбо дапамога наконт азелянення ў Мiнску, пiшыце на puninski@gmail.com, будзем разам рабіць наш горад прыемным для жыцця.

Працяг будзе?

Акрамя пазначаных у самым пачатку Вольгай Літвіновіч праблем, жыхары двара цяпер сталі актыўна абмяркоўваць велапаркоўкі, асветленасць дзіцячай пляцоўкі ў зімовы час, новы дзіцячы спартыўны комплекс, шлагбаўм на паркоўцы. Спадзяемся, што сумеснымі намаганнямі двор стане менавіта такім, якім яго хочуць бачыць жыхары. Пазітыўны досвед таго, што іх тэрыторыя можа мяняцца, ужо ёсць, а пляцоўка для зносін працуе.

Хочаце, каб і ваша дваравая тэрыторыя змянілася, але не ведаеце з чаго пачаць? Пішыце нам на адрас dbajuby@gmail.com
У артыкуле мы пастараліся падрабязна апісаць усе этапы працы — не ўсё так складана, як здаецца на першы погляд.
Давайце разбірацца і разам дбаць пра Мінск!

Тэкст і фота — Адарка Шут