fbpx

Гісторыя адной вёскі. Серафімова

#MakeСерафимовоGreatAgain — пад такім хэштэгам Аліна Бардашун вядзе гісторыю пазітыўных зменаў у сваёй вёсцы, што ў 12 км ад Мінска.

Жыхары знаходзяцца на фінальнай стадыі рамонту цэнтральнай каналізацыі і замены вулічных ліхтароў на святладыёдныя, зрабілі арт-аб’ект з новых зялёных насаджэнняў і стварылі шматфункцыянальную грамадскую прастору паблізу закінутых пажарных сажалак.

З апошняй ініцыятывай мы пазнаёміцца бліжэй.

Якім чынам гэта стала магчымым, колькі часу і грошай спатрэбілася, і ці пад сілу гэта іншым жыхарам нашай краіны?

«Мару пра тое, каб кожнае мястэчка ў Беларусі было аблашчана яго жыхарамі»

Аліна Бардашун

Серафімова гэта…

нешта сярэдняе паміж вёскай і катэджным пасёлкам з 90-ых. Каля 400 дамоў. Ёсць вуліца са старымі хатамі, ёсць катэджы-замкі, ёсць сучасныя дамы (паглядзець Серафімова на мапе).

У канцы 80-ых МАЗ выдаваў тут зямлю супрацоўнікам канцэрна для будаўніцтва дамоў. Па савецкіх планах такімі павінны былі стаць вёскі будучыні. Нават генплан малявалі з цэнтральнай плошчай, вуліцамі ды іншым.

Мой бацька атрымаў зямлю ў 1989, як і іншыя, пачаў будаваць дом. Але тут разваліўся СССР і ўсе, хто не паспеў кончыць будоўлю, пакінулі пасля сябе недабудаваныя хаты. Цяпер у многіх дамах жывуць пенсіянеры — былыя супрацоўнікі МЗКЦ, МАЗа. Інфраструктуры тут ніякай няма, дарогі вельмі дрэнныя, а ў мясцовых жыхароў ужо няма сіл нешта будаваць, ім каля 60 гадоў і ўсё сваё жыццё яны будавалі, будавалі і будавалі.

Прыйшоў час іх дзяцей.

Грамадская прастора «Парк Серафімова», добраўпарадкаванне старых пажарных сажалак

З сакавіка па лістапад 2020-га мы ўсталявалі:

  • дзіцячую пляцоўку з насцілам-лавай-шэзлонгам, яна ж — паласа перашкод;
  • пляцоўку пад воркаўт з гумовым пакрыццём для падлеткаў;
  • альтанку-танцпол з паветкай;
  • насціл-дарожку-пірс для рыбакоў ды летуценнікаў;
  • павесілі гамак.

У планах яшчэ вогнішча і сцяжынка да яго, а таксама хочам дарабіць пірс. Пра тое, як павінен выглядаць фінальны праект нашай грамадскай прасторы, можна паглядзець на відэа.

Фінансаванне і валанцёрства

Пасля таго, як у канцы 2018-га я атрымала грант ад Актывія 2.0 у памеры 5500 рублёў, у мяне з’явіўся ментар Кацярына Кавалёва з LEVEL80 | architects. Яна знайшла маладых архітэктараў для распрацоўкі больш маштабнага праекта.

У 2019-ым мы запусцілі краўдфандынг на Ulej.by.

Пазней атрымалі грант ад фонду Льва Сапегі.

З трох крыніц сфармавалася фінансаванне праекта, прыкладна 10 000 даляраў.

У нас было шмат валанцёраў, якія працавалі бясплатна, усё падрадчыкі — мясцовыя жыхары або іх сябры. Мы плацілі толькі за матэрыялы. Пры гэтым сельсавет таксама дапамагаў чым мог: некалькі машын пяску і зямлі нам прывезлі бясплатна.

Камунікацыя з мясцовымі жыхарамі

Адразу пасля атрымання першага фінансавання мы пачалі абмяркоўваць патрэбы мясцовых жыхароў, цяпер у нашым чаце у Viber больш за 300 чалавек.

Мы рэгулярна праводзім апытанкі, усе пажаданні, планы і задачы запісаны на віртуальнай дошцы RealtimeBoard і ў шапцы форуму на партале Onliner.

На аснове сабранай інфармацыі і з’явілася тэхнічнае заданне для распрацоўкі фінальнага праекта.

Каманда, мясцовыя жыхары ды валанцёры

Я дызайнерка ў сферы рэкламы — рабіла самастойна ўсе матэрыялы для збору грошай, анонсаў суботнікаў і гэтак далей. Разам з сям’ёю мы саджалі дэкаратыўныя расліны, абпальвалі брускі для насцілу на дзіцячай пляцоўцы, фарбавалі метал, прамазвалі дошкі алеем.

Аляксей Галубовіч, мой муж і наш капірайтар, ён жа быў і прарабам на будоўлі. Шукаў, дзе ўсё набыць па лепшых цэнах, як набытае даставіць за мінімальныя грошы. Часам нам давалі прычэп або бус суседзі, і дастаўка атрымлівалася бясплатнай. Аляксей дамаўляўся з сельсаветам на бясплатную зямлю і пясок, ён жа шукаў неліквідную драўніну на піларамах, потым мы яе абпальвалі і атрымлівалі добры вынік — якасны матэрыял для будучага насцілу.

Сусед Алег — прафесійны будаўнік. Ён раіў, як лепш рэалізаваць усе аб’екты. Сярод іншых суседзяў, якія дапамагалі з добраўпарадкаваннем, былі і прафесійныя чырванадрэўшчыкі з Нацыянальнага мастацкага музея, інжынеры, і прадпрымальнікі.

Амаль усе жыхары ў Серафімова ўзводзілі сабе дом — кожны крыху будаўнік, многія нам дапамагалі з патрэбным інструментам.

Ідэальная каманда для такога праекта, на мой погляд:

  • 1 або 2 чалавекі, якія не працуюць па жорсткім графіку, могуць на працягу дня пад’ехаць у райвыканкам ці сельсавет, ці за матэрыяламі;
  • 1 архітэктар або дызайнер, каб фінальны праект атрымаўся сучасным, стылёвым. Гэты ж чалавек можа прыдумаць, як з падручных матэрыялаў зрабіць унікальны аб’ект.
  • 8-10 чалавек, якім можна даверыцца падчас асноўных работ, гэта ўжо супер сіла.

Не трэба чакаць ці расчароўвацца, калі не ўсе людзі бягуць вам дапамагаць. 10 чалавек — гэта сапраўды шмат. Апроч асноўнай каманды, шчэ 30 чалавек дапамагалі нам на суботніках у розны час.

Узгадненне, юрыдычныя моманты

На прыём да архітэктара райвыканкама мы хадзілі ўжо з гатовым планам добраўпарадкавання тэрыторыі былых пажарных сажалак. Нам паведамілі, што з прапанаванага можна рабіць, а што сапраўды нельга.

Пасля ўзялі ў сельсавеце дакумент з дазволам на работы па добраўпарадкаванні. Важна, што гэта было менавіта добраўпарадкаванне, а не будаўніцтва, для апошняга патрэбен асобны праект, таму ніякіх буйных аб’ектаў і капітальных пабудоваў у нас няма.

Аб планах на будучыню

Хочацца адпачыць, прывесці дзіця на пляцоўку і нічога не рабіць, сесці і любавацца.

Крыху пазней будзем рыхтавацца да Новага года: гірлянды ды іншае. Мару, што ўзімку будзе моцны мароз і мы зможам пакатацца на каньках па замёрзлых сажалках.

А ўжо потым пачнем працу над новымі праектамі: ёсць планы ў цэнтры вёскі зрабіць добрае футбольнае поле; трэба яшчэ вырашыць пытанне з рамонтам дарог.

Парады урбаністам-пачаткоўцам, якім не ўсё адно, як выглядае іх двор / вёска / горад

  1. Знайдзіце хаця б аднаго аднадумца. Калі вы працуеце ўдваіх, гэтага дастаткова для значных зменаў.
  2. Забудзьцеся словы «ўсе», «заўсёды», «павінны».
  3. Калі ў вашую каманду набярэцца хоць бы 8-10 чалавек — гэта ўжо моц.
  4. Пачніце думаць над праектам, праглядаць урбаністычныя каналы на Youtube, складзіце план.
  5. Падпішыцеся на групу «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый», у іх шмат адукацыйных праграм і яны робяць анонсы для грантаў.
  6. Падавайце заяўкі на гранты з максімальна падрабязным і прадуманым праектам.
  7. Шукайце спонсараў сярод мясцовай бізнес-супольнасці.
  8. Сябруйце з мясцовай уладай. Чым далей ад Мінску, тым больш ахвотна яны дапамагаюць.
  9. Станьце публічнымі і празрыстымі ў сацыяльных сетках, гэта дапамагае заваяваць давер спонсараў.

Хочаце падзяліцца гісторыяй свайго двара ці горада / вёскі? Пішыце нам на пошту dbajuby@gmail.com або пакідайце прапановы прама ў каментарах.

Тэкст — Адарка Шут.
Фота — з архіваў Аліны Бардашун.