Як са звычайнага двара зрабіць арт-прастору? Ці можа металічная бочка стаць шматфункцыянальным аб’ектам? І як азеляніць дах паркінга, калі глыбіня глебы ўсяго 20 см?
Пра тое, як дваравая тэрыторыя ў Брэсце пераўтвараецца ў крэатыўную прастору «Дах Міру», прывабную для дзяцей і падлеткаў, нам распавяла Наталля Раманюк.
Наталля Раманюк — мастачка-дызайнерка па тэкстылю, аўтарка творчага праекта тэкстыльнай эка-майстэрні MYSA (Брэст).
Улетку 2020-га яна прыдумала і правяла арт-пікнік «Паветра» у Брэсце. Яшчэ адзін яе праект — абмен раслінамі ў кавярні «Мір».
З Наталляй мы пагаварылі пра чарговы праект — крэатыўную прастору «Дах Міру» і кропку прыкладання сілы — дом на вул. Вароўскага, 31 у Брэсце.
Аб раёне
На месцы нашага раёна раней была тэрыторыя старога завода жалезабетонных канструкцый. Пасля распаду Савецкага Саюза будынкі завода здаваліся ў арэнду.
Яшчэ ў 2013 годзе Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт правёў грамадскае абмеркаванне па праекце забудовы дадзенай тэрыторыі. Цяпер тут размешчаны жылы квартал, спраектаваны і ўзведзены будтрэстам №8 г. Брэста.
Дамы размешчаны побач з гарадскім садам і Паркам культуры і адпачынку, стадыёнам «Дынама», музычным каледжам імя Р.Р. Шырмы. Непадалёк знаходзіцца школа выяўленчых мастацтваў імя А. А. Алонцева, гарадскі дом культуры, зялёная вуліца Гогаля. Такое суседства нас вельмі натхняе.
Мы добраўпарадкавалі частку двара, што размясцілася на даху падземнага паркінга
Да нашага жылога дома прымыкае паркінг, ён падземны. На даху паркінга размясцілася дзіцячая пляцоўка і месца для адпачынку і шпацыру.
Тут збіраецца шмат дзяцей, яны катаюцца на роварах, гуляюць у мяч, проста бегаюць.
Разам з тым, ёсць і праблемы: адсутнасць азелянення ў двары, таксама не хапае цяністых участкаў, альтанак з дахам. На дзіцячай пляцоўцы размешчана стандартнае металічнае абсталяванне, а нашым дзецям хочацца чагосьці больш крэатыўнага.
Аб таварыстве ўласнікаў
Нашыя дамы адносяцца да таварыства ўласнікаў «Гогалеўскае прадмесце Плюс».
Двор своечасова абслугоўваецца, пажаданні заўсёды ўлічваюцца і ў добраўпарадкаванні нас падтрымліваюць і маральна, і фізічна, гэта вельмі важна. Для прыкладу: старшыня нашага ТУ Кірыл Кончанка ўваходзіць у каманду праекта «Дах Міру».
Пра ідэю
Назва «Дах Міру» нездарма — прастора знаходзіцца на даху падземнага паркінга. Ёсць у назвы і іншыя адсылкі. Мы за мір ва ўсім свеце, за стварэнне, за творчасць і гармонію, за рэалізацыю чалавечых талентаў і патэнцыялу.
Магчымасці ўсталяваць сур’ёзнае дзіцячае абсталяванне і зрабіць азеляненне няма, таму што ў нашым веданні толькі дах, дзе пласт зямлі ўсяго 20 см. Вось мы і падумалі: што можна зрабіць у такіх умовах?
На даху мы ўжо правялі два святы двара, былі выступы вучняў музычнага каледжа. Нам, вядома, хацелася мець больш прывабны фон для мерапрыемстваў, тым больш, што мы бачым вялікі патэнцыял у гэтага месца.
Я пабывала ў некалькіх арт-прасторах і культурных цэнтрах у розных гарадах, бачыла, як добраўпарадкаваныя тэрыторыі кавярняў, і мне здалося, што ўсе гэтыя прыёмы даступныя кожнаму і такое добраўпарадкаванне можа насіць не толькі камерцыйны характар. Усё гэта можа быць і ў звычайным двары.
Крэатыўная прастора «Дах Міру»
Старт праекта — восень 2020-га. Працу пачалі адразу пасля таго, як атрымалі фінансаванне як пераможцы конкурсу гарадскіх ідэй REGENERATION ад агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч».
У ходзе праекта «Дах Міру» мы стварылі стрыт-арт на вентшахце. Закупілі паўтары тоны зямлі, металічныя 200-літровыя бочкі і пасадзілі ў іх туі.
Адну бочку нам задэкарыраваў вядомы ў Брэсце графіціст ACUTE. У нашых планах запрасіць і іншых брэсцкіх мастакоў да супрацы. Цяпер вось чакаем вясны і цяпла.
Спецыяльна для знаёмства з тэрыторыяй ды новымі аб’ектамі быў створаны дваравы квэст. У гэтым нам дапамагла Каця з 4roomclub, яна з камандай займаецца рознымі квэстамі ў нашым горадзе.
Мне вельмі падабаецца гэтая ідэя, яна робіць наш двор асаблівым для саміх жыхароў. Праходзіць квэст можна як самастойна, так і кампаніяй, тут няма прывязкі да часу. Ва ўмовах пандэміі гэта асабліва важна. А яшчэ можна здзівіць сяброў, аднакласнікаў, гасцей або сваякоў, якія прыехалі ў госці.
Для праходжання квэста патрэбны тэлефон і інтэрнэт, там задзейнічаны QR-кады
Мы стварылі альтанку з драўляных паддонаў і каркасаў. Месцы для сядзення арганізаваны літарай «П» для больш зручных размоваў. Улетку мы плануем прымацаваць тэнт-дах для стварэння цені. Гэта вельмі важна, бо цяпер у нас няма месца, дзе можна камфортна пагуляць у настольныя гульні і пагаманіць з сябрамі ў летні час.
Таксама да альтанкі ў нас ёсць мабільная сцэна з паддонаў — мы і далей плануем запрашаць да нас вучняў музычнага каледжа і іншых музыкаў для выступаў.
Здымкі для Тik-Tok і піца
Ідэя арт-прасторы нарадзілася сама сабой. Паўплывала і геаграфічнае размяшчэнне квартала побач з мастацкай школай, музычным каледжам і тэатрам, гарадскім домам культуры.
У нашым горадзе пакуль няма крэатыўных прастор, тым больш пад адкрытым небам. Таму хочацца даць дзецям і падлеткам менавіта тое, што ім будзе цікава і зразумела, што пашырыць іх кругагляд, пакажа творчасць у розных яе праявах. Наша мэта — стварыць такі двор, у якім нашым дзецям хацелася б знаходзіцца.
Першы малюнак, які з’явіўся на металічнай бочцы, гэта якаснае графіці, а не гномікі і рамонкі
Побач з нашым малюнкам на вентшахце суседзі ўжо робяць сэлфі, а дзяўчаты вечарамі збіраюцца паздымаць відэа для Тik-Tok і паесці піцу. Для мяне гэта паказчык, што мы рухаемся ў правільным кірунку.
Нашы суседзі
Пра наш удзел у конкурсе REGENERATION мы распавялі суседзям, падрабязна абмеркавалі, што плануем зрабіць, падзяліліся ідэямі. Многія падтрымалі нас, уносілі свае прапановы.
Не ўсе пажаданні можна было рэалізаваць з-за асаблівасцяў тэрыторыі, усё ж гэта дах. Вядома, многія мараць аб якасным дзіцячым комплексе або спартыўным абсталяванні, гэтыя ідэі можна рэалізаваць на суседніх дзіцячых пляцоўках, бо іх у нас некалькі.
Са многімі суседзямі мы былі знаёмыя і да працы над праектам. Нашыя дзеці гуляюць разам, ходзяць у адну школу. У асноўным, гэта таварыскія і пазітыўныя, адукаваныя і крэатыўныя людзі. З імі лёгка дамаўляцца. Вядома, дагадзіць абсалютна ўсім немагчыма, але калі большасці падабаецца тое, што адбываецца, гэта ўжо добра.
Тут важна разумець, што людзі розныя, і калі будзе нейкая крытыка — гэта не стаўленне да вас ці да праекта, а альтэрнатыўнае меркаванне, якое варта ўлічваць.
Падчас працы над праектам мы шмат камунікавалі ў агульным чаце. Эпідэміялагічная сітуацыя і ўмовы надвор’я (асноўныя работы вяліся ў кастрычніку, лістападзе) не спрыялі жывым зносінам. Зараз з дапамогай чата можна хутка вырашыць любое пытанне.
Бюджэты і рэсурсы
У межах конкурсу REGENERATION мы праходзілі навучанне, дзе трэнеры і ментар дапамагалі палепшыць наш праект. Як пераможцы мы атрымалі неабходнае фінансаванне, і рэалізацыю праекта лічым добрым пачаткам чагосьці большага.
У нас ёсць шмат планаў на будучыню, і гэта патрабуе яшчэ больш высілкаў, часу і сродкаў. Мы будзем выкарыстоўваць даступныя нам матэрыялы, праяўляць крэатыў і ўдзельнічаць у конкурсах, дзе можна атрымаць дадатковае грашовае фінансаванне.
Шмат што можна зрабіць і без грошай, а падключыўшы фантазію. Напрыклад, у снежні 2020-га нам падарылі спісанае фартэпіяна з музычнага каледжа. Вясной мы плануем яго задэкарыраваць — пасадзіць расліны, цалкам размаляваць яго. Так у нас з’явіцца новы арт-аб’ект.
Каманда
Нам вельмі дапамагло тое, што з намі архітэктар Андрэй Раманюк, і ён ведае асаблівасці будаўнічых прац, пажарныя і іншыя нормы, як паводзяць сябе розныя матэрыялы.
Тэхнічныя моманты і арганізацыйныя пытанні было б складаней вырашыць без нашага старшыні Кірылы Кончанка, яго ўдзел — велізарны бонус для праекта.
Мне здаецца, у нас склалася проста ідэальная каманда. Цяжка ўявіць, як можна было сабраць падобную, але нам пашчасціла.
У нас не ўзнікала складанасцяў у рэалізацыі праекта, бо тэрыторыя на даху паркінга належыць таварыству ўласнікаў і ўзгадненняў на ўстаноўку малых архітэктурных формаў не патрабуецца. Расліны мы пасадзілі ў металічныя бочкі, каранёвая сістэма не пашкодзіць ніякіх інжынерных камунікацый.
Аб планах
Пакуль працы на даху прыпыненыя да вясны.
Цяпер у нас на стадыі распрацоўкі малюнак для бетоннага пакрыцця ўздоўж усяго дома. І як толькі пацяплее, мы пачнем яго наносіць пры дапамозе трафарэта. Увесну мастакі пачнуць дэкараваць металічныя бочкі, ёсць ідэя зладзіць з гэтага сапраўдны перфоманс. З’явіцца новы арт-аб’ект з фартэпіяна, домік для маленькіх дзяцей, дадатковыя месцы для сядзення.
Брэсцкі велоклуб гатовы даць нам непрацоўныя ровары і іх таксама можна цікава выкарыстаць.
А яшчэ нам прапанавалі стварыць YouTube-канал двара, дзе мы распавядалі б пра тое, што робім, пра дваравыя гульні і дадтковыя актыўнасці.
Зараз мы шукаем зацікаўленых маладых блогераў сярод суседзяў
Хочацца, каб усё больш людзей уключалася ў жыццё двара. Каб нашы суседзі праводзілі свае мерапрыемствы, гралі на гітары ці малявалі з дзецьмі, а можа, ладзілі чаяванні або танцы.
І мы ўжо ў чаканні новых канцэртаў і святаў на нашым «Даху Міру».
Хочаце падзяліцца гісторыяй свайго двара ці горада / вёскі? Пішыце нам на пошту dbajuby@gmail.com або пакідайце прапановы наўпрост ў каментарах.
Тэкст — Святлана Пасканная.
Фота — з архіваў Наталлі Раманюк.