У нядзелю, 16 мая, у 13.00, у Мінску на пляцоўцы вядомага сярод гараджан фудкорта «Пясочніца» будзе закладзены гарадскі агарод #Plantация — сумесны праект «Пясочніцы», МАССА, мастака Яўгенія Cowek і гарадскіх ініцыятыў «Марыс Мар» і «Дбаю». Свае ўласныя градкі са спецыяльнымі таблічкамі пасадзяць эка- і фуд- блогеры, актывісты і гараджане, а ў выніку ў Мінску з’явіцца ўтульнае месца, дзе можна будзе пабачыць, як расце радыс і памідоры, дагледзіць сваіх зялёных гадаванцаў і выпіць духмянай гарбаты, настоенай на зёлках з Plantацыі.
Назва
Назву для агарода арганізатары прапанавалі прыдумаць самім гараджанам, звярнуўшыся да іх праз сацыяльныя сеткі. Для аўтара лепшай ідэі падрыхтавалі адмысловы падарунак — цішотку «Дбаю» з надпісам «Змяняем гарадскую прастору». Фінальная галасаванка ў Instagram «Пясочніцы» вызначыла пераможцу — цяпер у Мінску будзе свая #Plantация! Аўтарка назвы-пераможцы — Алена Смалякова — атрымала запрашэнне на адкрыццё агарода.

Ідэя
Ідэя завесці ў «Пясочніцы» свой агародзік узнікла не выпадкова. Арганізатары пляцоўкі даўно хацелі дадаць яскравых зялёных куточкаў на фудкорце, зрабіць цікавым знаходжанне гасцей у аддаленых няшумных месцах пляцоўкі, быць больш экалагічнымі. Дапамагчы «Пясочніцы» вырашылі гарадская ініцыятыва «Дбаю», Моладзевыя Альтэрнатыўныя Секцыі Саюза Архітэктараў (МАССА), ініцыятыва «Марыс Мар» і мастак Яўген Cowek.
Праектаванне
Праектаваннем прасторы займаюцца маладыя архітэктаркі і азяляняльніцы з каманды МАССА пад кіраўніцтвам Андрэя Каравянскага. На пляцоўцы будуць устаноўленыя кадкі са змешанымі пасадкамі і цікавая модульная канструкцыя. Калі будзе жаданне, яе можна разабраць і сабраць у іншым парадку, кожным разам ствараючы новую прастору. Па словах аўтаркі модульнай канструкцыі Юліі Косач, «гэта так прыемна, калі ты ведаеш, што прыдуманая табой рэч будзе жыць сваім жыццём і прыносіць людзям карысць і радасць. «Пясочніца» — дужа яркае і каларытнае месца, дзе бесперапынна віруе жыццё, куды прыходзяць як сяброўскімі кампаніямі, так і сем’ямі. І пры распрацоўцы агарода адной з асноўных мэтаў было стварэнне своеасаблівай ціхай і утульнай прасторы, адасобленай ад асноўнай масы людзей, дзе можна адпачыць, пагаварыць без патрэбы перакрычаць музыку і шум натоўпу, ці паўдзельнічаць у майстар-класах».
13 мая. Пабудова гарадскога агароду. Архітэктурная частка
У чацвер 13 мая з 17:00 да 20:30 пройдзе падрыхтоўка канструкцый для гарадскога агарода ў «Пясочніцы» — #Plantация, архітэктурная частка. Адрас: скрыжаванне Машэрава 11/10 і Куйбышава 45. Тэрыторыя фудкорта.
Праграма:
17:00-19: 00 — зборка канструкцый і кадак пад кіраўніцтвам прафесійных цесляроў і архітэктараў, засыпанне жвіру для дрэнажу і ўрадлівага грунту ў канструкцыі, падрыхтоўка агарода для пасадкі раслін;
19:00-19:30 — перакус піцай і адпачынак;
19:30-20:30 — лекцыя ад архітэктара Андрэя Каравянскага: «Новыя прынцыпы гісторыка-культурнага вобраза сучаснай Беларусі, дызайн-код беларускіх гарадоў і паселішчаў у XXI стагоддзі».
Запрашаем маладых архітэктараў, азеляняльнікаў ды валанцёраў, хто гатовы шмат папрацаваць рукамі, на стварэнне новай зялёнай прасторы ў Мінску. Колькасць удзельнікаў абмежаваная.
Дэдлайн па рэгістрацыі — нядзеля, 9 мая. Спасылка на рэгістрацыю — https://bit.ly/3ePCDWp.
Што будзе расці ў агародзе?
Падбор раслінаў і глебы, падрыхтоўка расады і дагляд за зялёнымі жыхарамі агарода, — усім гэтым займаюцца актывісткі ініцыятывы «Гарадская ферма Марыс Мар» Марыя Грыц і Марыс Мар.
Марыя Грыц: «Важна рабіць акцэнт менавіта на вырошчванні мясцовых культур. Па-першае, яны ўжо раслі ў нашых умовах і добра сябе зарэкамендавалі — выжылі, далі ўраджай і насенне для будучых пасадак. Па-другое, лакальныя расліны паводзяць сябе прадказальна. Ёсць прывазныя культуры, якія дужа падабаюцца агароднікам і ландшафтным дызайнерам, але наступствы іх вырошчвання становяцца часам пагубнымі. Напрыклад, залатарнік — расліна, што цвіце жоўтымі кветкамі ў канцы лета, — лічыцца інвазіўнай культурай, ён хутка разрастаецца і выціскае іншыя культуры і зараз з ім патрэбна змагацца. Мы за прадказальнасць і бяспеку. Па-трэцяе, мы хочам у грамадскім агародзе паказаць мясцовыя гатункі, каб гараджане маглі захапляцца родным. Нашыя культуры вельмі прыгожыя, у агародзе будзе на што паглядзець».— распавядае Марыя.
Стрыт-арт
Дапоўніць гарадскі агарод малюнак ад мастака Яўгена Cowek: «Эскіз зараз на стадыі фінальнага ўзгаднення. Гэта дакладна будзе нешта міфічнае, вобраз, што сягае ў глыбіню нашай гісторыі. Мне падабаецца ствараць візуальныя рашэнне для складаных аб’ектаў, калі ёсць не проста белы аркуш, а няроўная паверхня сцяны, выступаючыя часткі, асвятляльныя мачты, аб’ёмныя лесвіцы, неідэальная тэкстура, — усё гэта можна выгадна выкарыстаць для малюнка. А ідэя стварыць стрыт-арт, які будзе дапоўнены жывымі раслінамі, у мяне ўжо даўно выношвалася. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца».
Роля «Дбаю»
Гарадскі праект «Дбаю» ужо не ўпершыню дапамагае зялёным ініцыятывам. Для каманды праекта важна, каб у Мінску з’яўлялася больш утульных і экалагічных месцаў для адпачынку гараджан.
Сёння задача «Дбаю» — злучаць гарадскія ініцыятывы з пляцоўкамі, дзе яны змогуць рэалізавацца, знаходзіць партнёраў для ўмацавання праектаў, дапамагаць актывістам даводзіць свае ідэі да фінальнай кропкі рэалізацыі.
Ідэя гарадскога агарода прыйшлася да душы актывісткам «Дбаю» Адарцы Шут і Святлане Чакушка, якія ўзялі на сябе вырашэнне ўсіх пытанняў па арганізацыі і прасоўванню Plantацыі.
Як узяць удзел у закладцы гарадскога агарода?
Узяць удзел у закладцы гарадскога агарода каманда праекта запрашае эка- і фуд-блогераў, лідараў меркаванняў і актыўных гараджан. Форма для рэгістрацыі на Plantацыю дасяжная на сайце і ў сацыяльных сетках гарадскога праекта «Дбаю» і «Пясочніцы».