fbpx

Done! Гарадскі агарод Plantацыя закладзены

13 і 16 мая праходзіла закладка грамадскага агарода #Plantация.

Расказваем, як у дождж валанцёры збіралі канструкцыі, і як у сонечную нядзелю ўсе жадаючыя гараджане і экаблогеры высадзілі больш за 30 відаў раслін, стварыўшы аўтарскія градкі ў цэнтры Мінска.

Хто гэта прыдумаў?

#Plantация — сумесны праект «Пясочніцы», МАССА, мастака Яўгенія Cowek ды гарадскіх ініцыятыў «Марыс Мар» і «Дбаю».

Ідэя гарадскога агарода даўно лунала ў паветры. Градкі з бульбай ды морквай — гэта не толькі і не столькі гародніна, гаворка ідзе пра арганізацыю экалагічнай прасторы, прывіванне культуры агародніцтва і проста яшчэ адну нагоду правесці час на свежым паветры.

Адной з ініцыятарак з’яўлення грамадскага агарода стала Марыс Мар («Гарадская ферма Марыс Мар»), якая разам з камандай прасоўвае канцэпцыю гарадскога агародніцтва.

Назва #Plantация не выпадковая. На старонцы «Пясочніцы» у Instagram такую назву прапанавала Алена Смалякова, мама двух дзяцей, індывідуальная прадпрымальніца. Падпісчыкі прыдумалі шмат варыянтаў, але менавіта Plantацыя атрымала больш за ўсё галасоў. У падарунак Алена атрымала майку «Дбаю» з надпісам «Змяняем гарадскую прастору».

За праектную частка адказвалі маладыя архітэктары і азеляняльнікі МАССА пад кіраўніцтвам Андрэя Каравянскага, менавіта яны прыдумалі, як будуць выглядаць мабільныя канструкцыі і схемы градак.

Мастак Яўген Cowek намаляваў мурал пад назвай «Садоўнік», які падкрэсліў важную сувязь чалавека з прыродай.

Каманда «Дбаю» адказвала за агульны менеджмент, сабрала валанцёраў і курыравала рэалізацыю.

Адарка Шут, PR-менеджарка «Дбаю»: «Мы бачым вялікі сэнс у тым, каб дапамагаць такім ініцыятывам, як «Гарадская ферма Марыс Мар» даводзіць свае ідэі да фінальнай кропкі рэалізацыі. Мы гатовыя шукаць партнёраў сярод бізнесу, падключаць архітэктараў, урбаністаў, азеляняльнікаў ды мастакоў, таму што бачым, што ад партнёрства праекты толькі паляпшаюцца. Сіла ў тым, каб разам працаваць над агульнай мэтай — пазітыўнымі зменамі гарадской прасторы.

Хочаце, каб «Дбаю» дапамог рэалізавацца і вашаму праекту, накіраванаму на паляпшэнне Мінска, — запаўняйце форму».

13 мая. Архітэктурная частка

13 мая маладыя архітэктары МАССА, каманды «Дбаю», «Гарадская ферма Марыс Мар» ды валанцёры пад дажджом прыбіралі ды раўнялі пляцоўку пад Plantацыю, збіралі модульную канструкцыю, засыпалі дрэнаж і глебу ў кадкі, вучыліся працаваць з пнеўмастэплерам. Прафесійны цясляр Уладзіслаў Канашэвіч кіраваў працэсам зборкі.

Валанцёры знайшліся праз сацыяльныя сеткі, сваё захапленне хлопцамі ды дзяўчатамі выказала валанцёрка і PR-менеджарка «Дбаю» Святлана Чакушка: «Хай мы перамазаліся зямлёй і крыху змерзлі, але нас грэла пачуццё датычнасці да стварэння ўтульнага і карыснага куточка ў любімым горадзе. Дзеля гэтага варта было выбрацца з дому ў дождж, і дужа натхняе, што, нягледзячы на «нялётнае надвор’е», нас было шмат і мы справіліся! Хачу падзякаваць усім валанцёрам і валанцёркам, вы героі! А яшчэ асобная падзяка «Пясочніцы» за смачную піцу і Андрэю Каравянскаму за лекцыю і магчымасць паспрачацца».

Андрэй Каравянскі, лекцыя «Новыя прынцыпы гісторыка-культурнага вобраза сучаснай Беларусі, дызайн-код беларускіх гарадоў і паселішчаў у XXI стагоддзі»

16 мая. Пасадка агарода: радыска, бульба і класічная музыка

16 мая на Plantацыі арганізатары агарода чакалі гасцей.

Удзельнікі пасадкі маглі выбраць градку і пасадзіць у падрыхтаваную зямлю насенне пятрушкі, часныку, бульбы, гарбузоў. Дапамагалі агароднікам-пачаткоўцам азеляняльніцы з досведам: Марыс Мар, Марыя Грыц, Анастасія Суравец, Наталля Грышаль, Анастасія Жданоўская, Ірына Прылукова.

Побач з кожнай раслінай з’явіліся таблічкі з назвамі, аўтарскім подпісам людзей, якія пасадзілі градкі, і QR-кодамі на класічную музыку. Аўтаркай ідэі такіх таблічак стала Анастасія Суравец, студэнтка БДТУ, прадстаўніца МАССА: «Расліны не слухаюць музыку ў звыклым для нас разуменні. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што яны рэагуюць на гукавыя частоты і іх інтэнсіўнасць. Лепш за ўсё — на прыродныя гукі цурчання рэк, палёта насякомых, таму найбольш дабратворна на рост і развіццё зялёных насаджэнняў ўплывае менавіта класічная музыка (частата 3-5 кГц). Прыязджайце ў агарод пазнаёміцца ​​з раслінамі і ўключыць для іх музыку, гэта дапаможа ім лягчэй вырасці ва ўмовах горада».

Анастасія Суравец, студэнтка БДТУ, прадстаўніца МАССА

Аўтаркай схем змяшаных пасадак стала Паліна Шумская, студэнтка БДТУ, прадстаўніца МАССА: «Я займалася складаннем схем пасадак, прыдумляла асноўную ідэю-канцэпт. Спынілася на стварэнні тэматычных пасадак траў і гародніны: для гарбаты, супу, салатаў і так далей. 16 мая я не высаджвала расліны, а ўбачыла гатовы агарод ўжо праз пару дзён. Столькі эмоцый, столькі шчасця бачыць гэта і разумець, што ты не проста прыдумала ды візуалізавала рашэнне, а што вось ён, твой праект, і ты яго бачыш на свае вочы. Вельмі прыемна!»

А што з гэтай нагоды думаюць госці?

Мы паглядзелі водгукі ў сацыяльных сетках. Вось некаторыя з іх.

@ecoblogiya дасталіся градкі з зелянінай, цыбуляй ды часныком. Блогерка абяцае прыйсці праз два тыдні і паглядзець, як вырасла яе пятрушка.

Марыя Шарый, удзельніца легендарнага гурта «Стары Ольса» падзялілася: «Сёння ў Менску быў закладзены першы гарадскі агарод #Plantaция! На добры ўраджай!»

gorodogorod_ змясціў вельмі падрабязны аповяд з месца падзей у сваіх сторыз.

Што далей?

Пасадка — толькі пачатак. За агародам на сталай аснове будуць сачыць валанцёры ды ўдзельнікі «Гарадской фермы Марыс Мар». Хочаце далучыцца да супольнасці гарадскіх агароднікаў — запоўніце кароткую форму. Чым больш людзей клапоцяцца пра агарод, тым лепш сябе адчуваюць расліны. Чытайце апісанне нескладаных правілаў ды парад па догляду.

Увосень арганізатары агарода плануюць правесці сапраўдны беларускі Багач — народнае свята збору ўраджаю.

Сабраныя гародніна і ягады пройдуць даследаванне. Вынікі пакажуць, ці ўсе паказчыкі ў норме. Калі вырашылі сарваць лісточак ды з’есці яго — абавязкова памыйце.

Марыя Грыц, агародніца «Гарадской фермы»: «Нам важны такія прыклады грамадскіх агародаў як Plantацыя, каб паказаць мінчукам на практыцы, што догляд — не такі складаны, што гароды ў цэнтры горада — гэта бяспечна, што разам мы можам зрабіць такі фармат гарадскога азелянення запатрабаваным, жаданым, смачным».

Марыс Мар, заснавальніца «Гарадской фермы»

Марыс Мар, заснавальніца «Гарадской фермы»: «Асабіста для мяне агарод — гэта пра пусканне каранёў. Там, дзе я нешта пасадзіла, мой дом, месца, дзе я ў бяспецы. Агарод — гэта пра любоў. Я люблю гэты горад і хачу бачыць яго больш зялёным, хачу, каб прадукты харчавання былі больш даступнымі для ўсіх. Свежыя і натуральныя.

Plantацыя — гэта сацыяльны эксперымент ад нас: якой будзе рэакцыя горада. Нам важна паказаць людзям, што можна быць адказным, выбудоўваць камунікацыю і рабіць нешта карыснае разам».

Наш Мінск будучыні — гэта горад, напоўнены садамі, агародамі і зялёнымі дахамі. А вы што думаеце на гэты конт?

Тэкст  Святлана Пасканная.
Фота  каманда праекта.