fbpx

У Мінску ўсталёўваецца гарадскі вермікампосцер. А вы ведалі, хто можа есці арганічныя адходы?

У суботу, 19 чэрвеня, у 16:00, на пляцоўцы «Двор» па адрасе г. Мінск, вул. Кальварыйская, 21 будзе ўсталяваны першы гарадскі вермікампосцер для харчовых ды іншых арганічных адходаў. Арыенцір на месцы — чырвоная «Вежа».

Вермікампосцер — гэта кампосцер, у якім жывуць дажджавыя чарвякі спецыяльнага віду, здольныя есці арганічныя адходы. На мерапрыемстве ўдзельнікі разам заселяць і пакормяць жыхароў кампосцера, чарвячкоў можна будзе сфатаграфаваць. Калі не адважыліся завесці дома такі кампосцер — гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца ​​з тэхналогіяй бліжэй і атрымаць адказы на ўсе пытанні ад экспертаў ды экспертак. На мерапрыемстве раскажуць, чым харчовыя адходы небяспечныя, і як можна ператварыць іх у рэсурс для азелянення, не выходзячы з кватэры.

Аўтар праекта і арганізатар івэнту — некамерцыйная экалагічная ініцыятыва Ежы Вежа (моладзевае аб’яднанне «NSNL»), пры падтрымцы гарадскога праекта «Дбаю» і сектара вермітэхналогій НПЦ НАН па біярэсурсах.

Для ўдзелу ў івэнце просім прайсці кароткую рэгістрацыю і ўзяць з сабой маску.

Пра Ежы Вежа

Ініцыятыва Ежы Вежа пачыналася з ідэі перакладчыцы і qa-інжынеркі Пашко Наталлі стварыць гарадскія кампосцеры, здольныя перапрацоўваць арганічныя адходы на месцы.

Задача №1 — зрабіць кампосцеры ўрбаністычна прывабнымі для паспяховай інтэграцыі іх у гарадскую прастору. «Мая філасофія была простай — арганіка не смецце, а рэсурс, які можна выкарыстаць тут і цяпер, не чакаючы будаўніцтва буйных заводаў па перапрацоўцы. Кампаставанне ў гэтым выпадку — самы экалагічны спосаб утылізацыі, але для большасці людзей не самы прывабны. Мы папрацавалі над дызайнерскім афармленнем кампосцера. З гэтым нам дапамагла Мінская Урбаністычная Платформа» — распавядае Наташа.

Задача №2 — вырашыць праблему з павольным працэсам раскладання арганікі і пахамі, што ўзнікаюць на гэтым фоне. Рашэннем стала вермікампаставанне. «Гэты спосаб кампаставання адрозніваецца хуткай перапрацоўкай і адсутнасцю паху пры правільным доглядзе за кампосцерам. Тое, што ў звычайнай кампоставай скрыні раскладзецца за год, у вермікампосцеры будзе з’едзена за месяц ці нават пару тыдняў. Галоўнае правіла — ніякіх адходаў жывёльнага паходжання і перекорма. Тады праблем з пахамі не будзе. У мяне дома ўжо больш за год стаіць маленькі вермікампосцер і пакуль ніякіх нязручнасцяў не адчула» — каментуе Наташа.

Карыстанне гарадскім вермікампосцерам

Нягледзячы на ​​тое, што вермікампосцер размяшчаецца ў грамадскім месцы, доступ да яго будзе абмежаваны. Збіраць адходы каманда Ежы Вежы будзе толькі ў навучаных «донараў». Гэтае правіла неабходна, каб гарантаваць бяспеку папуляцыі чарвякоў і паспяховае завяршэнне эксперыменту, бо некаторыя адходы могуць быць небяспечнымі для кольчатых.

Першыя вынікі праекта чакаюцца бліжэй да зімы гэтага года.

Гісторыя праекта

Таму, што праект існуе, у першую чаргу спрыяў конкурс сацыяльных ініцыятыў Social Weekend. У 2019 годзе Ежы Вежа перамагла ў намінацыі «Аддайся марам і зрабі!» і атрымала інвестыцыі ад фонду «Добра» і падтрымку ад «NSNL». Да каманды апошняй арганізацыі праект далучыўся адразу пасля конкурсу, што, па словах Наташы, дапамагло вывесці Ежы Вежа на новы ўзровень: “« NSNL» — гэта месца для ўвасаблення ідэй. Супольнасць такіх моцных актывістаў ды актывістак, на якіх хочацца раўняцца. Калі б не іх дапамога і падтрымка, гэта мерапрыемства магло б ніколі не адбыцца”. Яшчэ адным важным партнёрам стаў гарадскі праект «Дбаю».

«Дбаю» пра вермікампосцер

«Мы радыя, што дзякуючы такім праектам, як Ежы Вежа, Мінск становіцца больш экалагічным. Сёння здаецца неверагодным, што спецыяльныя кампосцеры з чарвякамі могуць часткова вырашыць праблему арганічных адходаў нашага горада, але ў свеце гэта распаўсюджаная практыка. Ежы Вежа — наватары, першымі быць няпроста. «Дбаю» падтрымлівае такія праекты, каб рэалізацыя стала паспяховай, а пасля праект змог маштабавацца і быць устойлівым» — Адарка Шут, PR-менеджэрка «Дбаю».

Тэкст і фота — Наталля Пашко